Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя аграметэаролага
21.06.2019

Агляд аграметэаралагічнай сітуацыі на 21 чэрвеня 2019 года

Па выніках інструментальнага вызначэння вільготнасці глебы, праведзенага 18 чэрвеня, недахоп глебавай вільгаці адзначаўся на большай тэрыторыі краіны, у першую чаргу пад збожжавымі культурамі, рапсам, ільном, шматгадовымі травамі. Запасы вільгаці ў паўмятровым пласце глебы ацэньваюцца як нізкія на значнай тэрыторыі Гомельскай, у паўднёвай частцы Магілёўскай, на захадзе Брэсцкай і месцамі ў астатніх абласцях. Паводле звестак метэастанцый Гомель, Кастрычнік, Бабруйск прадуктыўная вільгаць практычна адсутнічала ў паўметровым гарызонце глебы. 
Дастатковыя вільгацезапасы пад збожжавымі коласавымі культурамі на момант вызначэння вільготнасці захоўваліся ў шэрагу раёнаў Брэсцкай і Мінскай абласцей і месцамі на астатняй тэрыторыі краіны. У мінулай дэкадзе вільгацезабяспечанасць кукурузы, бульбы, карняплодаў у многіх раёнах таксама пагоршылася, але на большай тэрыторыі краіны застаецца яшчэ дастатковай. 
Дажджы, якія прайшлі ў апошнія суткі, папоўнілі запасы глебавай вільгаці пераважна ва ўсходняй палове Брэсцкай, на паўднёвым захадзе Мінскай і на ўсходзе Гродзенскай вобласці. З-за нераўнамернага размеркавання чаканых у бліжэйшыя дні дажджоў на часткі плошчаў, асабліва ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне Рэспублікі, дэфіцыт вільгаці ў глебе можа захавацца.  
З-за высокіх тэмператур і глебавай засухі складаюцца складаныя ўмовы для фарміравання і наліву коласа збожжавых культур, рапсу, фарміравання ўраджаю ільновалакна, адрастання траў, месцамі пагоршыўся стан і іншых культур. Найбольш пацярпелі ад засухі пасевы ў Гомельскай вобласці, частка збожжавых культур тут ужо загінула, у лёну адзначаецца засыханне сцеблаў, ідзе засыханне траў. Пашкоджанні збожжавых культур (у асноўным пажаўценне і засыханне лісця) адзначаюць метэастанцыі Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай абласцей, а таксама на паўднёвым усходзе Віцебскай вобласці. Месцамі ў Гомельскай і на ўсходзе Мінскай вобласці пачалося пажаўценне і засыханне лісця ў кукурузы.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў