Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
15.01.2020

Кліматычная характарыстыка 2019 года

2019 год быў анамальна цёплым. Сярэднегадавая тэмпература паветра склала +8,8°С, што на 2,1°С вышэй за норму. 
 
Адхіленне сярэдняй гадавой тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы (+6,7°С) па Беларусі

Гэты год заняў першае месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў (ад найбольш цёплага года да найбольш халоднага) з 1881 года. На працягу ўсяго года, за выключэннем студзеня і ліпеня, назіраліся станоўчыя анамаліі тэмпературы паветра. 
 
Адхіленне сярэдняй месячнай тэмпературы паветра 
ад кліматычнай нормы ў сярэднім па Беларусі за 2019 год

Сярэдняя тэмпература паветра за зімовы сезон 2018-2019 гадоў склала 
-2,3°С, што вышэй за кліматычную норму на 1,7°С. У ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага зімовага сезону да самага халоднага з 1945 года гэтая зіма заняла 12 месца.
Сярэдняя тэмпература першага месяца года знаходзілася ў межах нормы (-5,1°С пры норме -4,4°С). Самай цёплай за студзень была другая дэкада месяца з сярэдняй тэмпературай паветра на 1,1°С вышэй за норму. Ніжэй за норму тэмпература апусцілася ў першай і трэцяй дэкадах. На станцыі Брагін 28 студзеня адзначана самая нізкая тэмпература паветра за год (-24,8°С) 
Люты быў вельмі цёплым, з сярэднямесячнай тэмпературай +0,2°С, што на 4,5°С вышэй за норму. У ранжыраваным шэрагу назіранняў з 1945 года люты гэтага года заняў 7 месца, а самым цёплым быў люты 1990 года з сярэднямесячнай тэмпературай паветра +2,6 ºС. 
Вясна 2019 года была цёплай: сярэдняя тэмпература паветра склала +8,8°С. Гэты вясновы сезон заняў 3 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад найбольш цёплага да найбольш халоднага за перыяд 1945-2019 гадоў. Тэмпература паветра ўсіх трох вясновых месяцаў была вышэй за норму. 
Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 0°С (пачатак вясны ў кліматалогіі) па Брэсцкай вобласці і заходняй частцы Гродзенскай, захаду і паўднёвым усходзе Гомельскай вобласці ажыццявіўся на месяц раней звычайных тэрмінаў (1-14 лютага). На астатняй тэрыторыі краіны - на 2-3 тыдні раней, чым звычайна (25 лютага – 4 сакавіка). 
Сакавік 2019 года быў цёплым, сярэдняя тэмпература паветра за месяц склала +3,4°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,2°С. 
Мінімальнае за вясну значэнне тэмпературы паветра зарэгістравана 2 сакавіка на станцыі Езярышча (-13,5°С).
У красавіку сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала 8,8°С, што на 1,5°С вышэй за кліматычную норму. Такі цёплы красавік адзначаецца па краіне прыкладна адзін раз у 10 гадоў. 
5-7 красавіка па паўднёвым усходзе на два тыдні раней, чым звычайна, а 16-22 красавіка па астатняй тэрыторыі краіны ў тэрміны блізкія да нормы, ажыццявіўся ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 8°С (заканчэнне ацяпляльнага перыяду).
Анамаліі тэмпературы паветра ў траўні знаходзіліся ў межах нормы. Сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала 14,2°С. 
Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+28,7°С) за сезон адзначана на метэастанцыі Гомель 28 траўня. 
11-17 траўня па ўсёй тэрыторыі адбыўся пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +14°С, што лічыцца пачаткам лета ў кліматалогіі. 
Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон 2019 года склала +18,6°С, што на 1,2°С вышэй за кліматычную норму. За гэтае лета адзначана ад 26 да 54 гарачых дзён (з тэмпературай +25°С і вышэй) пры норме 22-48 дзён. Лік вельмі гарачых дзён з максімальнай тэмпературай паветра +30°С і вышэй у гэтым годзе склала ад 2 да 20, у той час як звычайна рэгіструецца ад 1 да 6 дзён з такімі тэмпературамі. 
Максімальная тэмпература паветра за тры летнія месяцы склала +36,4°С (1 ліпеня СТАНЦЫЯ Брагін). Мінімальная (+2,9°С) адзначана 13 ліпеня на станцыі Езярышча і 5 жніўня ў Брагіне.
Тэмпературны рэжым лета 2019 года быў неаднародным. Першы летні месяц 2019 года быў гарачым з сярэдняй тэмпературай паветра +21,0°С, што вышэй за кліматычную норму на 4,6°С. Чэрвень з такой высокай сярэдняй за месяц тэмпературай паветра на тэрыторыі Гродзенскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей адзначаны ўпершыню за пасляваенны перыяд. На астатняй тэрыторыі краіны - адзін раз у 25-40 гадоў.
Ліпень быў халодным з сярэдняй тэмпературай паветра ніжэй за кліматычную норму на 1,3°С. Такая і больш нізкая тэмпература паветра ў сярэднім па краіне на працягу апошніх 75 гадоў у ліпені бывае прыкладна адзін раз у 3-4 года, а пачынаючы з 2001 года - упершыню.
У жніўні 2019 года сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра знаходзілася ў межах нормы (+17,7°С).
Сярэдняя тэмпература паветра восеньскага сезону 2019 года склала +8,8°С, што на 2,2 ºС вышэй за кліматычную норму. Такая цёплая восень на тэрыторыі Беларусі адзначаецца другі раз за апошнія 75 гадоў. Апошні раз так цёпла ў Беларусі было ў 1967 годзе, а ў Брэсцкай вобласці – упершыню. Абсалютны максімум тэмпературы паветра за сезон быў адзначаны ў Пінску 2 верасня (+31,1°С). Абсалютны мінімум тэмпературы - 25 лістапада ў Брагіне (-11,1°С).
Заканчэнне кліматычнага лета (пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 14°С у бок паніжэння) ажыццявіўся 14-17 верасня; у 2019 годзе яно доўжылася ў сярэднім па краіне чатыры месяцы (з другой дэкады траўня).
Пачатак ацяпляльнага перыяду (устойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 8°С у бок паніжэння) ажыццявіўся 28-29 кастрычніка, на адну-два тыдні раней звычайных тэрмінаў.
Цёплымі былі ўсе тры месяцы восені, асабліва лістапад, калі сярэдняя тэмпература паветра перавышала кліматычную норму на 3,3 ºС. У верасні і кастрычніку станоўчая анамалія склала 0,7 ºС і 2,8 ºС адпаведна. 
Снежань быў вельмі цёплым з сярэдняй тэмпературай +1,9°С, што вышэй за кліматычную норму на 5,2°С. У ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага да самага халоднага снежань 2019 года заняў 2 месца пасля снежня 2006 года. З 10 самых цёплых першых зімовых месяцаў 5 прыпадае на 2010-2019 годы. Максімальнага значэння (+12,8°С) тэмпература паветра дасягнула 18 снежня на станцыі Драгічын. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра
(-8,6°С) зарэгістравана на станцыі горкі 2 снежня.
За 2019 год у сярэднім па краіне выпала 576 мм ападкаў або 89% нормы (норма 646 мм). 
 
Адхіленне гадавых сум ападкаў ад кліматычнай нормы (646 мм) па тэрыторыі Беларусі

Для 5 з 12 месяцаў на працягу года былі характэрны сумы ападкаў роўныя або перавышаючыя норму. Найбольш вільготнымі месяцамі мінулага года з'яўляюцца студзень і травень, на працягу якіх выпала больш за 120% нормы ападкаў за кожны месяц адпаведна. Найбольшая сума ападкаў адзначана ў ліпені і склала 91,0 мм або 107% нормы. Самым сухім месяцам быў красавік, за які ў сярэднім па Беларусі выпала 7,0 мм ападкаў, што склала 18% кліматычнай нормы. Такога сухога красавіка на тэрыторыі краіны не адзначалася ні разу за пасляваенны перыяд. Істотны недабор ападкаў адзначаўся таксама ў лютым, чэрвені і кастрычніку.
 
Сума ападкаў і кліматычная норма па месяцах 2019 года 
па тэрыторыі Беларусі

Сутачны максімум ападкаў за год адзначаны ў ліпені на станцыі Езярышча-113 мм, што складае 127% нормы ападкаў за ліпень па гэтым пункце назірання. Максімальная хуткасць ветру за год адзначана 1 ліпеня ў Пінску і склала 29 м/с.

 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў