Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
02.11.2018

Кліматычная характарыстыка кастрычніка 2018

  
 
Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за кастрычнік 2018 года склала +8,0°С, што вышэй за кліматычную норму на 1,3°С. Найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Гродзенскай вобласці (+1,7 ºС), у Віцебскай і Магілёўскай абласцях адхіленні былі найменшымі (+1,0 ºС).
 
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра кастрычніка ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь
 
Дзённыя тэмпературы ў першай і другой дэкадзе месяца перавышалі +10°С, у трэцяй дэкадзе яны апусціліся да +3+8°С. Вельмі цёплае надвор'е ўсталявалася ў другой дэкадзе: тэмпература паветра ў дзённыя гадзіны перавышала +15°С, а ў асобныя суткі і +20°С. Максімальнага значэння тэмпература паветра дасягнула 7 кастрычніка на станцыі Палеская і склала +23,8°С. 
30 кастрычніка па поўдні, а 31 і па захадзе краіны ўсталявалася незвычайна цёплае надвор'е - на 6-10°С вышэй за норму, 30 кастрычніка ў Брэсце зарэгістраваны новы рэкорд дня +20,3°С, які перавысіў папярэдні рэкорд 1960-года на +0,5°С. Практычна па ўсіх пунктах назірання ў асобныя суткі, пераважна ў другой дэкадзе, былі перавышаны рэкорды дня па максімальнай тэмпературы паветра.
Начныя тэмпературы большую частку месяца былі ў інтэрвале +1+8°С, у самыя халодныя ночы назіраліся замаразкі ў паветры інтэнсіўнасцю 0 -6°С, а на паверхні глебы – да -7°С. Мінімальная тэмпература паветра зарэгістравана 22 кастрычніка на Палескай і склала -6,0°С.  
За кастрычнік у сярэднім па краіне выпала 40 мм ападкаў (78% кліматычнай нормы). Ападкі на працягу месяца выпадалі вельмі нераўнамерна. Менш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Гомельскай вобласці – 26 мм або 52% кліматычнай нормы.
 
 
Колькасць ападкаў за кастрычнік 2018 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

 
У першай дэкадзе выпала каля паловы дэкаднай нормы ападкаў. У другой дэкадзе кастрычніка стаяла вельмі сухое надвор'е - па ўсёй тэрыторыі нашай краіны ападкаў не адзначалася. Такая сухая дэкада назіраецца другі раз з 1979 года. Трэцяя дэкада выдалася вільготнай-выпала каля двух дэкадных норм. 
 
Колькасць ападкаў і кліматычная норма па дэкадах кастрычніка 2018г. па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

 
Максімальная сутачная колькасць ападкаў зарэгістравана ў Касцюковічах 29 кастрычніка (19 мм).
У трэцяй дэкадзе месяца адзначалася выпадзенне снегу і мокрага снегу, па паўночна-ўсходняй палове краіны на непрацяглы час усталёўваўся снежны полаг вышынёй ад 1 да 5 см (Полацк і Віцебск 26 кастрычніка). Сярэдняя дата з'яўлення снежнага покрыва ў гэтых рэгіёнах звычайна прыпадае на першую дэкаду лістапада. 
У асобныя суткі месяца месцамі ўзмацняўся вецер да 15-19 м/с, максімальнае яго значэнне (19 м/с) зарэгістравана 3 кастрычніка ў Гродне, 4 кастрычніка ў Докшыцах і Клічаве. Месцамі назіраліся туманы. У канцы месяца ў паўночных раёнах адзначалася наліпанне мокрага снегу (дыяметрам да 10 мм у Езярышчах 26 кастрычніка).

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў