Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
04.12.2019

Кліматычная характарыстыка лістапада 2019 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за лістапад 2019 года склала +4,2°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,3°С. Так цёпла на тэрыторыі краіны ў лістападзе бывае прыкладна адзін раз у 15 гадоў. Найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Віцебскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях (+3,5 ºС), у Гомельскай вобласці адхіленні былі найменшымі (+3,1 ºС).          

Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра лістапада 
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь

Тэмпературны рэжым на працягу месяца быў не аднастайным. Першая і другая дэкады былі вельмі цёплымі, з сярэдняй тэмпературай паветра на 5,1 і 5,6°С вышэй за норму адпаведна. Трэцяя дэкада была халадней звычайнага, з сярэдняй тэмпературай паветра на 0,5°С ніжэй за кліматычную норму. 
На працягу першай і другой дэкады дзённыя тэмпературы перавышалі 5-ці градусную адзнаку, а ў самыя цёплыя суткі – 10-ці градусную. У трэцяй дэкадзе дзённыя тэмпературы знаходзіліся ў асноўным у межах -5..+5°С. Максімальнага значэння тэмпература паветра дасягнула 4 лістапада на станцыі Жыткавічы і склала +18,5°С.
 
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма
па дэкадах лістапада 2019 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
Начныя тэмпературы з 1 па 20 лістапада знаходзіліся пераважна ў інтэрвале +1..+10°С, а з 21 лістапада паўсюдна апускаліся да адмоўных значэнняў. Мінімальная тэмпература паветра зарэгістравана 25 лістапада ў Брагіне і склала -11,1°С.  
За лістапад у сярэднім па краіне выпала 45,1 мм ападкаў (98% кліматычнай нормы). Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Віцебскай вобласці (66,8 мм або 136% кліматычнай нормы за месяц). Менш за ўсё ападкаў было адзначана на тэрыторыі Гомельскай вобласці – 26,9 мм або 57% кліматычнай нормы.
 
Колькасць ападкаў за лістапад 2019 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
Ападкі на працягу месяца выпадалі вельмі нераўнамерна. У першай дэкадзе выпала 29,2 мм або 190% дэкаднай нормы. У другой і трэцяй дэкадах адзначаўся недабор ападкаў: 10,0 мм (65% нормы) і 6,0 мм (40% нормы) адпаведна. Максімальная сутачная колькасць ападкаў зарэгістравана ў Верхнядзвінску 5 лістапада (28 мм).
 
Колькасць ападкаў і кліматычная норма
па дэкадах лістапада 2019 года па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь
У трэцяй дэкадзе месяца адзначалася выпадзенне снегу і мокрага снегу. На большай частцы Віцебскай, Менскай і Гомельскай абласцей і па асобных пунктах назірання Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай вобласці на непрацяглы час ўсталёўвалася снежнае покрыва вышынёй ад 0,1 да 2 см. 
У асобныя суткі месяца месцамі ўзмацняўся вецер да 15-18 м/с, максімальнае яго значэнне (18 м/с) зарэгістравана ў Гродне і Навагрудку 21 і 22 лістапада. Месцамі назіраліся туманы.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў