Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
03.06.2019

Кліматычная харктарыстыка травеня 2019 года

Травень 2019 года ў Беларусі быў цёплым. Сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала +14,2°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,8°С. 
Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Магілёўскай вобласці (у сярэднім па вобласці +1,5°С), найменшых - у Гродзенскай вобласці (у сярэднім па вобласці +0,2°С).


Адхіленне сярэдняй месячнай тэмпературы паветра траўня 2019 года
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь

 
 
 
Халоднае надвор'е стаяла ў першай дэкадзе траўня, сярэдняя тэмпература якой была на 2,5°С ніжэй за кліматычную норму. Сярэднія сутачныя тэмпературы паветра складалі пераважна +5+10°С, у начныя гадзіны адзначаліся замаразкі ў паветры інтэнсіўнасцю да -1-4°С. Мінімальнага значэння за месяц (-4,1°С) тэмпература паветра дасягнула на станцыі Лынтупы 4 траўня. У далейшым тэмпература паветра павысілася, і ў другой і трэцяй дэкадзе была на 2,0 і 2,6°С вышэй за норму адпаведна. У дзённыя гадзіны тэмпература павышалася да +20°С і вышэй, а ў самыя цёплыя суткі - да +25°С і вышэй. Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+28,7°С) адзначана на метэастанцыі Гомель 28 траўня. У начныя гадзіны тэмпература паветра ў асноўным была +10°С і вышэй, а ў самыя халодныя ночы паніжалася да + 4+ 6°С.

Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма 
па дэкадах траўня 2019 года па тэрыторыі Беларусі


 

За травень у сярэднім па краіне выпала 79,7 мм ападкаў (135% кліматычнай нормы). Ападкі па тэрыторыі краіны распаўсюджваліся нераўнамерна. Найменш увільгатненнай апынулася Гродзенская вобласць, дзе за месяц у сярэднім па вобласці выпала 60,1 мм ападкаў, або 92% нормы. Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Брэсцкай вобласці - у сярэднім па вобласці 125,1 мм, або 202% нормы. Такая вялікая колькасць ападкаў для дадзенага рэгіёну не адзначалася ні разу, пачынаючы з 1945 года. Папярэдні максімум ападкаў у траўні для Брэсцкай вобласці быў адзначаны ў 1951 годзе і склаў 115 мм.

Колькасць ападкаў за травень 2019 года і кліматычная норма
па абласцях і тэрыторыі Беларусі


Па дэкадах колькасць ападкаў размяркоўвалася нераўнамерна. Так, на працягу першай і другой дэкады выпала 1,5 - 2 дэкадныя кліматычныя нормы, а ў трэцяй – нязначны недабор ападкаў (85% нормы за дэкаду).


Колькасць ападкаў і кліматычная норма
па дэкадах траўня 2019 года па тэрыторыі Беларусі


Ападкі выпадалі часта, месцамі суправаджаліся навальніцамі і выпадзеннем граду. Максімальная сутачная колькасць ападкаў (50,6 мм) зарэгістравана 17 траўня ў Пінску. У Жлобіне 11 траўня выпаў град дыяметрам 10 мм. У асобныя суткі месцамі адзначалася ўзмацненне ветру да 19 м/с.


Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў