Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
04.12.2019

ІНФАРМАЦЫЯ аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў лістападзе 2019 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за лістапад 2019 года склала +4,2°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,3°С. Так цёпла на тэрыторыі краіны ў лістападзе бывае прыкладна адзін раз у 15 гадоў. Тэмпературны рэжым на працягу месяца быў не аднастайным. Першая і другая дэкады былі вельмі цёплымі, з сярэдняй тэмпературай паветра на 5,1 і 5,6°С вышэй за норму адпаведна. Трэцяя дэкада была халадней звычайнага, з сярэдняй тэмпературай паветра на 0,5°С ніжэй за кліматычную норму. На працягу першай і другой дэкады дзённыя тэмпературы перавышалі 5-ці градусную адзнаку, а ў самыя цёплыя суткі – 10-ці градусную. У трэцяй дэкадзе дзённыя тэмпературы знаходзіліся ў асноўным у межах -5..+5°С. Начныя тэмпературы з 1 па 20 лістапада знаходзіліся пераважна ў інтэрвале +1..+10°С, а з 21 лістапада паўсюдна апускаліся да адмоўных значэнняў.
За лістапад у сярэднім па краіне выпала 45,1 мм ападкаў (98% кліматычнай нормы). Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Віцебскай вобласці (66,8 мм або 136% кліматычнай нормы за месяц). Менш за ўсё ападкаў было адзначана на тэрыторыі Гомельскай вобласці – 26,9 мм або 57% кліматычнай нормы. Ападкі на працягу месяца выпадалі вельмі нераўнамерна. У першай дэкадзе выпала 29,2 мм або 190% дэкаднай нормы. У другой і трэцяй дэкадах адзначаўся недабор ападкаў: 10,0 мм (65% нормы) і 6,0 мм (40% нормы) адпаведна.
У трэцяй дэкадзе месяца адзначалася выпадзенне снегу і мокрага снегу. На большай частцы Віцебскай, Менскай і Гомельскай абласцей і па асобных пунктах назірання Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай вобласці на непрацяглы час ўсталёўвалася снежнае покрыва вышынёй ад 0,1 да 2 см. 
У першай палове лістапада на рэках краіны пераважаў рост узроўняў вады, абумоўлены выпадзеннем ападкаў. У другой палове месяца на рэках адзначаліся ваганні ўзроўняў вады. Воднасць большасці рэк была блізкая да нормы і некалькі ніжэй яе, толькі воднасць Заходняга Буга і Прыпяці апынулася значна (на 50 %) менш звычайнай для гэтага часу года.
У трэцяй дэкадзе месяца ў выніку марознага надвор'я, на водных аб'ектах краіны пачаліся ледаўтваральныя працэсы, да сярэдзіны дэкады ледзяныя ўтварэнні адзначаліся на Сожы, большым працягу Заходняй Дзвіны, Дняпра і Бярэзіны, асобных участках Віліі і Прыпяці, а таксама на большасці іх прытокаў. У апошнія дні месяца пагодныя ўмовы спрыялі разбурэнню ледзяных утварэнняў на асобных участках рэк. У першы дзень снежня ледзяныя ўтварэнні адзначаліся на Сожы, большым працягу Бярэзіны, асобных участках Заходняй Дзвіны і Дняпра, а таксама некаторых іх прытоках. На Чыгірынскім вадасховішчы, азёрах Дрывята, Нарач і Чырвонае назіраліся заберагі, а на вадасховішчы Чырвоная Слабада ўсталявалася тонкае ледзяное покрыва.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў