Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
04.01.2020

ІНФАРМАЦЫЯ аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў снежні 2019 года

Тэмпература паветра за снежань 2019 года ў сярэднім па рэспубліцы склала +1,9°С, што вышэй за кліматычную норму на 5,2°С. У ранжыраваным шэрагу ад самага цёплага да самага халоднага снежань 2019 года заняў 2 месца пасля снежня 2006 года. Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі рэспублікі, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Магілёўскай вобласці (у сярэднім па вобласці 5,6°С), а найменшых – у Брэсцкай вобласці (у сярэднім па вобласці 4,5°С).
Усе тры дэкады месяца былі цёплымі, асабліва трэцяя дэкада, сярэдняя тэмпература паветра якой апынулася вышэй за кліматычную норму на 6,5°С. Такая цёплая трэцяя дэкада снежня на тэрыторыі Беларусі адзначаецца ўпершыню за апошнія 40 гадоў. У сувязі з анамальна цёплым надвор'ем у снежні ўстойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 0°С у бок паніжэння пакуль не ажыццявіўся, г.зн. кліматычная зіма не наступіла.
У цэлым за месяц па Беларусі выпала 48,1 мм ападкаў або 107% снежаньскай кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі распаўсюджваліся нераўнамерна. Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Віцебскай вобласці – 70 мм або 143% кліматычнай нормы. Менш за ўсё ападкаў назіралася на тэрыторыі Брэсцкай вобласці – 39,1 мм (89% кліматычнай нормы). Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. Снежны полаг на працягу месяца неаднаразова ўтвараўся і разбураўся. На апошні дзень месяца вышыня снежнага покрыва знаходзілася ў межах ад 0,1 см да 11 см. 
У снежні на рэках пераважаў рост узроўняў вады. Воднасць Заходняй Дзвіны апынулася некалькі больш за норму, значна менш за норму для снежня была воднасць Заходняга Буга, Прыпяці і Сожа ў раёне г.Гомель, а воднасць Нёмана, Віліі, Дняпра, Бярэзіны і Сожа на ўчастку Крычаў-Слаўгарад – блізкая да звычайнай для гэтага часу года. 
У першай палове месяца на водных аб'ектах краіны назіралася разбурэнне ледзяных утварэнняў, у другой палове месяца ледзяныя ўтварэнні на водных аб'ектах цалкам адсутнічалі, і толькі ў апошнія дні снежня на асобных участках рэк зноў з'явіліся ледзяныя ўтварэнні ў выглядзе сняжуры і забярэгаў.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў