Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
01.06.2020

ІНФАРМАЦЫЯ аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў маі 2020 года

Май 2020 года ў Беларусі быў халадней, чым звычайна на 2,4°С, яго сярэдняя тэмпература склала 11,0°С. Апошні раз такі халодны май у Беларусі быў адзначаны ў 1999 годзе. Пачынаючы з 1945 года, такая тэмпература ў маі бывае ў сярэднім прыкладна раз у 6 гадоў. Усе дэкады месяца характарызаваліся сярэдняй тэмпературай паветра ніжэй за кліматычную норму. Найбольш халоднай выдалася другая дэкада мая са сярэднедэкаднай тэмпературай на 4,0°С ніжэй за норму. У першай дэкадзе тэмпература была ніжэй за норму на 0,4°С, у трэцяй - на 2,9°С.
У маі ў сярэднім па краіне назіралася празмернасць ападкаў - выпала 75 мм або 127 % кліматычнай нормы, аднак па тэрыторыі краіны яны распаўсюджваліся нераўнамерна. Больш за ўсё ападкаў выпала на тэрыторыі Гомельскай вобласці – ў сярэднім па вобласці 94 мм або 165% нормы. Найменш увільгатнённай апынулася Мінская вобласць, дзе за месяц у сярэднім па вобласці выпала 58 мм ападкаў або 96% нормы.
У першай палове мая на большасці рэк краіны адзначалася павышэнне ўзроўняў вады, у выніку чаго на непрацяглы час палепшыліся ўмовы для працы рачнога транспарту на суднаходных участках Дняпра, Бярэзіны і Сожа. У другой палове месяца на рэках адзначаліся ваганні ўзроўняў вады з тэндэнцыяй да паніжэння, зноў пагоршыліся ўмовы для суднаходства на Дняпры ў г.Магілёў, Бярэзіне ў г.Бабруйск, Сожы каля г.Крычаў і г.Слаўгарад.
Мінімальныя ўзроўні вады ў бягучым месяцы апынуліся блізкімі да мінімальных шматгадовых значэнняў за май на рэках басейнаў Нёмана, Віліі, Заходняга Буга, Дняпра, Бярэзіны і Сожа, а на рэках басейна Прыпяці яны апусціліся ніжэй шматгадовых мінімумаў для гэтага часу года.
Воднасць рэк была менш за норму на рэках тэрыторыі Гомельскай вобласці на 60-80 %, на рэках астатняй тэрыторыі краіны - на 20-50%.
Сярэднямесячная тэмпература вады ў рэках і вадаёмах склала 11-14°С, што на 1 - 4°С ніжэй звычайнай для гэтага часу года.




Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў