Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
02.09.2019

Кароткая кліматычная характарыстыка і прагноз надвор’я па тэрыторыі Беларусі на верасень 2019 года (эксперымент)

 
У верасні тэмпература паветра паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй. 
У 75% гадоў самай цёплай бывае першая дэкада, часам (прыкладна адзін раз у 5 гадоў) самай цёплай бывае другая дэкада і раз у 20 гадоў - трэцяя дэкада.
Верасень - першы месяц восені, пачаткам якой лічыцца пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз +14°С у бок паніжэння (канец кліматычнага лета). У сярэднім гэты пераход ажыццяўляецца ў першай дэкадзе верасня.
Сярэдняя месячная тэмпература паветра (кліматычная норма) вагаецца ад +11°С на паўночным усходзе да +13°С на паўднёвым захадзе рэспублікі і ў параўнанні са жніўнем паніжаецца на 5°С. У залежнасці ад характару развіцця атмасферных працэсаў у асобныя гады яна можа адхіляцца ад кліматычнай нормы. Цяплей, чым звычайна на 2-3°С быў верасень 1955, 1975, 1994, 2015, 2018 гг., халадней - на 2-3°С выдаўся верасень 1959, 1973, 1977, 1978, 1986, 1990, 1993, 1996 гадоў. 
У дзённыя гадзіны паветра часцей за ўсё выграваецца да +15..+19°С, у самыя цёплыя дні ў палове гадоў – да +23..+27°С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра ў верасні быў адзначаны 1 верасня 2015 года ў Жыткавічах і склаў +35,6°С. Начная тэмпература паветра звычайна бывае +6..+9°С. Абсалютны мінімум (-8,5°С) зафіксаваны ў ноч на 29 верасня 1996 года на метэастанцыі Палеская.
У канцы верасня ў паўночна-ўсходніх раёнах рэспублікі ў паветры звычайна адзначаюцца першыя восеньскія замаразкі. Першыя замаразкі на паверхні глебы на большай частцы краіны ўжо могуць назірацца ў першай дэкадзе верасня, паўсюдна - у другой дэкадзе месяца. У выпадку вельмі цёплай восені замаразкаў у верасні не бывае.
У сярэднім за месяц бывае 11-15 дзён з ападкамі і выпадае 49-77 мм ападкаў (кліматычная норма). Ад года да года месячная сума ападкаў значна вагаецца, і ў дажджлівыя месяцы сума ападкаў можа дасягаць 2-3 месячных норм і складаць 120-210 мм, у засушлівыя гады яна памяншаецца да 1-18 мм. Ападкі ў верасні выпадаюць у выглядзе дажджу, аднак пры моцных пахаладаннях у другой палове месяца магчыма і выпадзенне першага снегу, а ў канцы верасня 1972 года месцамі ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях на непрацяглы час усталяваўся першы снежны полаг.
У верасні ў сярэднім адзначаецца 3-8 дзён з туманам, максімальны лік дзён з туманам складае 13-17. Навальнічная дзейнасць у верасні слабее, і ў сярэднім адзначаецца толькі 1-2 дня з навальніцай.

Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў верасні 2019 года чакаецца на 1°С вышэй сярэдніх шматгадовых значэнняў (кліматычная норма +11..+13°С). Гэта значыць, верасень прагназуецца некалькі цяплей звычайнага.
Месячная колькасць ападкаў у верасні 2019 года мяркуецца ў межах кліматычнай нормы (кліматычная норма 49-77 мм).

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў