Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
02.09.2020

КАРОТКАЯ КЛІМАТЫЧНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА І ПРАГНОЗ НАДВОР'Я ПА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ НА ВЕРАСЕНЬ 2020 ГОДА

У верасні тэмпература паветра паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй. 
У 75% гадоў самай цёплай бывае першая дэкада, часам (прыкладна адзін раз у 5 гадоў) самай цёплай бывае другая дэкада і раз у 20 гадоў - трэцяя дэкада.
Верасень - першы месяц восені, пачаткам якой лічыцца пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз +14°С у бок паніжэння (канец кліматычнага лета). У сярэднім гэты пераход ажыццяўляецца ў першай дэкадзе верасня.
Сярэдняя месячная тэмпература паветра (кліматычная норма) вагаецца ад +11°С на паўночным усходзе да +13°С на паўднёвым захадзе рэспублікі і ў параўнанні са жніўнем паніжаецца на 5°С. У залежнасці ад характару развіцця атмасферных працэсаў у асобныя гады яна можа адхіляцца ад кліматычнай нормы. Цяплей, чым звычайна на 2-3°С быў верасень 1955, 1975, 1994, 2015, 2018 гадоў, халадней - на 2-3°С выдаўся верасень 1959, 1973, 1977, 1978, 1986, 1990, 1993, 1996 гадоў. 
У дзённыя гадзіны паветра часцей за ўсё выграваецца да +15 +19°С, у самыя цёплыя дні ў палове гадоў – да +23 +27°С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра ў верасні быў адзначаны 1 верасня 2015 года ў Жыткавічах і склаў +35,6°С. Начная тэмпература паветра звычайна бывае +6 +9°С. Абсалютны мінімум (-8,5°С) зафіксаваны ў ноч на 29 верасня 1966 года на метэастанцыі Палеская.
У канцы верасня ў паўночна-ўсходніх раёнах рэспублікі ў паветры звычайна адзначаюцца першыя восеньскія замаразкі. Першыя замаразкі на паверхні глебы на большай частцы краіны ўжо могуць назірацца ў першай дэкадзе верасня, паўсюдна - у другой дэкадзе месяца. У выпадку вельмі цёплай восені замаразкаў у верасні не бывае.
У сярэднім за месяц бывае 11-16 дзён з ападкамі і выпадае 49 - 77 мм ападкаў (кліматычная норма). Ад года да года месячная сума ападкаў значна вагаецца, і ў дажджлівыя месяцы сума ападкаў можа дасягаць 2 - 3 месячных нормы і складаць 120 - 210 мм, у засушлівыя гады яна памяншаецца да 1 – 18 мм. Ападкі ў верасні выпадаюць у выглядзе дажджу, аднак пры моцных пахаладаннях у другой палове месяца магчыма і выпадзенне першага снегу, а ў канцы верасня 1972 года месцамі ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях на непрацяглы час усталяваўся першы снежны полаг.
У верасні ў сярэднім адзначаецца 3 - 8 дзён з туманам, максімальны лік дзён з туманам складае 13 - 17. Навальнічная дзейнасць у верасні слабее, і ў сярэднім адзначаецца толькі 1 - 2 дня з навальніцай.

Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў верасні 2020 года чакаецца на 1 - 1,5 градуса вышэй сярэдніх шматгадовых значэнняў (кліматычная норма +11 + 13°С).
Месячная колькасць ападкаў у верасні 2020 года мяркуецца ў межах кліматычнай нормы (кліматычная норма 49-77 мм).

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў