Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
04.08.2020

Кароткая кліматычная характарыстыка і прагноз надвор'я па тэрыторыі Беларусі на жнівень 2020 года

У жніўні тэмпература паветра паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй.
Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў жніўні (кліматычная норма) складае ад +16,2°С на паўночным захадзе да +18,7°С на паўднёвым усходзе рэспублікі і ў параўнанні з ліпенем паніжаецца на 0,7-1,5°С. Больш чым у палове гадоў самай цёплай бывае першая дэкада, прыкладна адзін раз у 3 гады - другая дэкада, раз у 7 - 8 гадоў - трэцяя дэкада. У асобныя гады тэмпература паветра можа прыкметна адхіляцца ад кліматычнай нормы. Асабліва цёплым выдаўся жнівень у 1992, 2007, 2010, 2015, 2018 гадах, калі сярэдняя месячная тэмпература паветра апынулася на 2 - 3,5°С вышэй за кліматычную норму. Самы цёплы жнівень быў у 2010 годзе з сярэднямесячнай тэмпературай паветра па Беларусі +20,8ºС, што на 3,5°С вышэй за кліматычную норму. Халодным (з сярэдняй месячнай тэмпературай паветра на 2 - 3°С ніжэй за кліматычную норму) аказаўся жнівень 1956, 1964, 1965, 1976, 1977, 1980, 1987, 1993, 1998 гадоў. Самым халодным быў жнівень 1987 года, калі сярэднямесячная тэмпература склала +14,3°С, што на 3°С ніжэй за кліматычную норму.
У жніўні днём паветра звычайна выграваецца да +22..+25°С. Абсалютны максімум тэмпературы паветра (+38,9°С) зарэгістраваны днём 8 жніўня 2010 года на метэастанцыі Гомель – гэта самая высокая тэмпература, якая зафіксавана на тэрыторыі Беларусі за ўвесь перыяд метэаралагічных назіранняў. Ноччу тэмпература паветра звычайна бывае +11..+14°С. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра ў жніўні (-3,4°С) адзначаны ў ноч на 30 жніўня 1966 года на метэастанцыі Палеская.
У канцы месяца сярэдняя сутачная тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі краіны пераходзіць праз +15°С у бок паніжэння, толькі на поўдні краіны гэты пераход ажыццяўляецца ў першай пяцідзёнцы верасня.
Прыкладна раз у 20 гадоў у трэцяй дэкадзе жніўня назіраюцца замаразкі. Аднак, на Палессі замаразкі магчымы і ў другой дэкадзе, а на асушаных тарфяніках замаразкі часам назіраюцца і ў першай дэкадзе жніўня.
У сярэднім за месяц бывае 11 - 15 дзён з дажджом і выпадае 55 - 83 мм ападкаў (кліматычная норма). У дажджлівыя месяцы сума ападкаў можа дасягаць 2 - 4 месячных норм і складаць 142 - 329 мм, у засушлівыя гады ў асобных раёнах месячная сума ападкаў можа змяншацца да 0 - 16 мм. Максімальная колькасць ападкаў за суткі (146 мм) зафіксавана ў Бабруйску ў 1970 годзе. Навальнічная дзейнасць у жніўні слабее, сярэдні лік дзён з навальніцамі памяншаецца да 4 - 7 дзён. У жніўні ў сярэднім на працягу 1 - 4 начэй назіраюцца туманы.
Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў жніўні чакаецца каля кліматычнай нормы (норма +16..+19°С).
Месячная колькасць ападкаў чакаецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма 55 - 83 мм).
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў