Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
04.01.2022

Інфармацыя аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў снежні 2021 года

Снежань 2021 года ахарактарызаваўся тым, што ўпершыню за 9 гадоў сярэдняя тэмпература паветра за месяц была ніжэй за норму і склала -3,5°С, што ніжэй за норму на 0,2°С. Станоўчая анамалія тэмпературы паветра адзначана па ўсходзе і паўднёвым усходзе Беларусі. На астатняй тэрыторыі краіны тэмпература паветра за месяц была ў норме і ніжэй яе. Найбольшыя адмоўныя анамаліі адзначаны па крайняй поўначы краіны (-1,5°С і больш). Тэмпература паветра днём на працягу месяца змянялася ў значных межах: ад -10ºС і ніжэй у самыя халодныя суткі да + 5ºС і вышэй у самыя цёплыя. Тэмпература паветра ноччу на працягу месяца ў асноўным знаходзілася ў межах ад -15 да -1°С, а ў самыя цёплыя ночы падымалася да станоўчых значэнняў.

За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 41,8 мм ападкаў, што склала 93% кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі выпадалі нераўнамерна: па крайнім паўночным захадзе і паўночным усходзе, у цэнтральных і паўднёвых раёнах краіны выпала каля месячнай нормы ападкаў і больш. Па астатняй тэрыторыі – менш нормы ападкаў. У першай і ў трэцяй дэкадах адзначаўся недабор ападкаў (68 і 51% нормы адпаведна), у другой дэкадзе адзначана залішняе ўвільгатненне (выпала 160% нормы).

Да канца першай дэкады снежня паніжэнне тэмпературы паветра абумовіла з'яўленне на рэках ледзяных утварэнняў у выглядзе забярэгаў і шугахода. Няўстойлівы характар надвор'я ў другой дэкадзе спрыяў разбурэнню ледзяных утварэнняў на большасці рэк краіны. У трэцяй дэкадзе ў сувязі з марозным надвор'ем, ледаўтваральныя працэсы аднавіліся і да канца месяца амаль паўсюдна на водных аб'ектах адзначаўся ледастаў і ледастаў з палонкамі. На працягу месяца ў выніку зажораў лёду на рэках адзначаліся ваганні ўзроўняў вады, месцамі рэзкія. На асобных участках рэк ўзроўні вады перавышалі адзнакі выхаду вады на пойму. Воднасць рэк у асноўным была блізкая да нормы і больш яе.

У першай дэкадзе снежня, паводле звестак снегамернай здымкі вырабленай па маршруце ў полі, снежнае покрыва на тэрыторыі басейнаў рэк назіралася паўсюдна, вышыня снегу складала 1-21 см з запасам вады ў ім да 41 мм, як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. У далейшым павелічэння снежнага покрыва не адбывалася. У канцы месяца вышыня снегу складала на тэрыторыі Беларусі да 14 см з запасам вады да 22 мм, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі (у вярхоўях Заходняй Дзвіны, Дняпра і Сожа) да 32 см з запасам вады да 61 мм, а на тэрыторыі Украіны (у вярхоўі Прыпяці і яе правабярэжных прытоках) да 10 см з запасам вады да 16 мм.
 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў