Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
05.05.2022

Інфармацыя аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў красавіку 2022 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за красавік склала 5,7°С, што ніжэй за кліматычную норму на 2,1°С. Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад была ніжэй за норму.

За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 222% кліматычнай нормы ападкаў. На большай частцы тэрыторыі краіны выпала 100-300% нормы. Па ўсходзе, паўднёвым усходзе, месцамі ў цэнтральнай частцы краіны выпала больш за 300% нормы ападкаў. Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – у сярэднім па вобласці 115,4 мм або 299% нормы. Менш за ўсё – на тэрыторыі Віцебскай вобласці – 49,9 мм або 130% нормы.

Красавік 2022 года стаў самым вільготным за перыяд, пачынаючы з 1945 года. На 9 станцыях на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей былі абноўлены гістарычныя максімумы сумы ападкаў за месяц.

У першай дэкадзе красавіка на Дняпры і Сожы працягвалася фарміраванне максімальных узроўняў вады вясновай паводкі, тут адзначаўся рост узроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю ад 2 см да 10 см, на астатніх рэках адзначаліся ваганні ўзроўняў вады з тэндэнцыяй да павышэння.

У другой і трэцяй дэкадах месяца амаль на ўсіх рэках краіны адзначалася павышэнне ўзроўняў вады. У выніку выпадзення значнай колькасці ападкаў на рэках басейнаў Нёмана, Віліі, Дняпра Бярэзіны, Сожа і Прыпяці развіліся дажджавыя паводкі. Больш рэзкія ўздымы адзначаліся ў басейнах Дняпра і Сожа, так як тут дажджавая паводка наклалася на фарміраванне максімумаў вясновай паводкі. У выніку павышэння ўзроўняў вады на большасці рэк вада выйшла на пойму, на Сожы каля г.Гомель, яго прытоках рэках Проня ля в.Лецягі і Іпуць у г.Добруш узроўні вады перавысілі небяспечныя высокія адзнакі, а на Нёмане ў г.Стаўбцы ўзровень вады на непрацяглы час дасягнуў небяспечнай высокай адзнакі.

У канцы месяца вада знаходзілася на пойме на Сожы, большасці яго прытокаў, асобных участках Нёмана, Віліі, большым працягу Дняпра, Бярэзіны, асобных іх прытоках, а таксама на большасці прытокаў Прыпяці. Глыбіня затаплення пойменных зямель складала да 195 см.

У красавіку воднасць Заходняй Дзвіны, Дняпра на ўчастку Орша-Магілёў і Сожа на ўчастку Крычаў – Слаўгарад была блізка да звычайнай для гэтага часу года, а воднасць Нёмана, Віліі, Бярэзіны, Прыпяці, Дняпра на ўчастку Жлобін – Рэчыца і Сожа ў раёне г.Гомель менш за норму на 40-50%.

Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў