Версія для друку
Памер шрыфту
+
Друк

Кліматычная характарыстыка студзеня 2022 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за студзень 2022 года склала -2,1°С, што вышэй за кліматычную норму на 2,0°С. Першы месяц 2022 года заняў 17 месца ў ранжыраваным шэрагу назірання ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1881 года.

Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра студзеня 
за перыяд 1991-2022 гадоў ад кліматычнай нормы (-4,1°С)

Станоўчая анамалія тэмпературы паветра распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны і знаходзілася ў межах 0,5-2,5°С, дасягнуўшы найбольшых значэнняў па захадзе (2,5°С і больш). Найменшыя станоўчыя анамаліі адзначаны на паўночным усходзе і склалі 1,0°С і менш.

Адхіленне (°С) сярэдняй тэмпературы паветра студзеня
 ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

У абласным разрэзе найбольшыя значэнні станоўчых адхіленняў тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Брэсцкай вобласці (+2,6ºС), у Віцебскай і Магілёўскай абласцях адхіленні былі найменшымі (+1,6ºС).
Сярэдняя тэмпература паветра ў трох дэкадах месяца была вышэй за норму. Асабліва цёплымі былі першая і трэцяя дэкады з станоўчымі анамаліямі 3,5 і +2,4°С. Сярэдняя тэмпература паветра другой дэкады была вышэй нормы на +0,3°С.

Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма
 па дэкадах студзеня 2022 года па тэрыторыі Беларусі

Тэмпература паветра днём на працягу месяца ў асноўным складала -6 +3°С, а ў самыя цёплыя суткі па большай частцы краіны падымалася да +5°С і вышэй. Максімальнага значэння (+9,9°С) тэмпература паветра дасягнула 1 студзеня на станцыі Высокае.
Тэмпература паветра ноччу на працягу месяца знаходзілася ў асноўным у межах -1 -10°С, а ў самыя халодныя ночы апускалася да -15°С і ніжэй. Мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Касцюковічы 13 студзеня і склала -23,8°С.
За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 69,2 мм ападкаў, што склала 169% кліматычнай нормы. Па большай частцы тэрыторыі краіны выпала 140% нормы і больш.

Адхіленне (% ) месячнай сумы ападкаў за студзень
 ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Магілёўскай вобласці - у сярэднім па вобласці 83,1 мм або 213% нормы. Менш за ўсё - на тэрыторыі Брэсцкай вобласці – 52,4 мм або 141% нормы. Па асобных пунктах назірання былі перавышаны сумы ападкаў за месяц 5% забяспечанасці. А на станцыях Навагрудак, Мсціслаў, Слаўгарад, Касцюковічы і Кастрычнік - гістарычныя максімумы.

Колькасць ападкаў за студзень 2022 года і кліматычная норма 
па абласцях і па тэрыторыі Беларусі

На працягу месяца ападкі выпадалі нераўнамерна. У першай і трэцяй дэкадах адзначалася залішняе ўвільгатненне (выпала 248 і 169% нормы адпаведна), у другой дэкадзе адзначаўся недабор ападкаў (83% нормы).

Колькасць ападкаў і кліматычная норма 
па дэкадах студзеня 2022 года па тэрыторыі Беларусі

Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. У першай палове месяца снежнае покрыва па большай частцы тэрыторыі Беларусі неаднаразова ўтваралася і разбуралася, у другой палове па большай частцы краіны заляганне снежнага покрыва насіла ўстойлівы характар. Вышыня снежнага покрыва на апошні дзень месяца знаходзілася ў межах ад 1см (Высокае, Драгічын) да 38см (Мсціслаў).
Месцамі адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру парывамі да 15 м/с і больш. 14-18 студзеня па тэрыторыі Беларусі адзначалася ўзмацненне хуткасці ветру да 15-20м/с і больш, на асобных пунктах назірання хуткасць ветру дасягнула крытэра небяспечнай з'явы. Максімальная хуткасць ветру за месяц зарэгістравана 14 студзеня на станцыі Палеская і склала 32м/с. У асобных раёнах назіраліся туманы, завеі, галалёды і галалёдзіца, месцамі ў асобныя суткі адзначаліся навальніцы. Навальніца ў студзені вельмі рэдкая з'ява і за перыяд 1945-2020 гадоў адзначалася на 22 станцыях Беларусі (адзначана 1-2 дні з навальніцай) , а найбольшая колькасць дзён з гэтай з'явай адзначана ў Брагіне (3 дні) у 1989, 1993, 1997 гадах. У апошні раз на тэрыторыі Беларусі навальніца ў студзені была зарэгістравана ў 2020 годзе ў Мінску.

Вы можаце знайсці гэту старонку па наступным адрасе:
https://www.belgidromet.by/by/climatolog-by/view/klimatychnaja-xaraktarystyka-studzenja-2022-goda-5042-2022/

© Белгiдрaмет, 2016-2026