Устойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 0°С (пачатак вясны ў кліматалогіі) па Брэсцкай вобласці і заходняй частцы Гродзенскай, Захаду і паўднёвым усходзе Гомельскай вобласці ажыццявіўся на месяц раней звычайных тэрмінаў (1-14 лютага). На астатняй тэрыторыі краіны - на 2-3 тыдні раней, чым звычайна (25 лютага – 4 сакавіка).
Сакавік 2019 года быў цёплым, сярэдняя тэмпература паветра за месяц склала +3,4°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,2°С. Так цёпла ў сакавіку па тэрыторыі краіны бывае прыкладна адзін раз у 10-13 гадоў.
Мінімальнае за вясну значэнне тэмпературы паветра зарэгістравана 2 сакавіка на станцыі Езярышча (-13,5°С).
У красавіку сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра склала 8,8°С, што на 1,5°С вышэй за кліматычную норму. Такая высокая сярэдняя за месяц тэмпература паветра ў красавіку адзначаецца па краіне прыкладна адзін раз у 10 гадоў.
5-7 красавіка па паўднёвым усходзе на два тыдні раней, чым звычайна, а 16-22 красавіка па астатняй тэрыторыі краіны ў тэрміны блізкія да нормы, ажыццявіўся ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз 8°С (заканчэнне ацяпляльнага перыяду).
Травень 2019 года ў Беларусі быў цёплым. Сярэдняя тэмпература паветра па краіне склала 14,2°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,8°С.
Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+28,7°С) за сезон адзначана на метэастанцыі Гомель 28 траўня.
11-17 траўня па ўсёй тэрыторыі адбыўся пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +14°С, што лічыцца пачаткам лета ў кліматалогіі.
За вясну ў Беларусі выпала 123 мм ападкаў, што складае 90% кліматычнай нормы за сезон. Больш за ўсё за сезон ападкаў выпала на тэрыторыі Брэсцкай вобласці (у сярэднім па вобласці 167,7 мм (або 125% кліматычнай нормы), у Магілёўскай вобласці колькасць ападкаў вясновага сезона была найменшай – у сярэднім па вобласці 104,1 мм (або 81% нормы).