26 красавіка 2026 года спаўняецца 40 гадоў з Дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Гэтая дата - не толькі нагода ўспомніць падзеі 1986 года, але і магчымасць ацаніць праведзеную працу, накіраваную на мінімізацыю наступстваў радыяцыйнага забруджвання тэрыторый, а таксама падкрэсліць важнасць правядзення бесперапыннага маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі з мэтай ранняга папярэджання органаў дзяржкіравання і насельніцтва для своечасовага правядзення ахоўных мерапрыемстваў.
З першых дзён пасля аварыі спецыялісты Белгідрамета прынялі ўдзел у ацэнцы радыяцыйнай абстаноўкі. Аператыўнасць, прафесіяналізм і гатоўнасць да самаахвяравання сталі ключавымі рысамі тых, хто апынуўся на перадавой барацьбы з нябачнай пагрозай.
Анатоль Іванавіч Палішчук, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, былы начальнік Белгідрамета, ветэран дзяржаўнай гідраметэаралагічнай службы Рэспублікі Беларусь, які працаваў тады ў Магілёве, успамінаў: "У 1986 годзе наш гідраметэаралагічны аддзел з гонарам выконваў свой абавязак перад Радзімай — у тым ліку займаўся вымярэннем магутнасці экспазіцыйнай дозы гама‑фону". Ужо 27 красавіка паступілі ўказанні аб пераходзе на штогадзінныя назіранні, і ўсе метэастанцыі без прамаруджання ўключыліся ў працу.

Ліквідатары Магілёўскай вобласці
у разбуранага рэактара ЧАЭС
Віктар Іванавіч Мельнік, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, былы намеснік начальніка Белгідрамета, падзяліўся ўспамінам пра тыя часы: "Гідраметэаралагічная служба ў той час спрацавала зладжана, арганізавана і прафесійна — так, як і належыць сапраўдным патрыётам, гатовым стаць на абарону сваёй зямлі". Спецыялісты працавалі ў 30-кіламетровай зоне і непасрэдна ў Чарнобылі, складаючы падрабязныя карты забруджвання. Гэтыя карты сталі асновай для прыняцця рашэнняў аб зонах адсялення, мерах абароны насельніцтва і планах па лакалізацыі наступстваў аварыі.
Асаблівую ролю адыгралі верталётныя абследаванні. Вячаслаў Віктаравіч Парфёнаў, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, начальнік аддзела маніторынгу зямель службы маніторынгу навакольнага асяроддзя Белгідрамета, распавёў, як разам з калегамі праводзіў замеры гама‑фону ў дзясятках населеных пунктаў, часам рызыкуючы жыццём: "Пілоты праяўлялі сапраўднае майстэрства, манеўруючы паміж дамамі і дрэвамі, а мясцовыя жыхары сустракалі іх з надзеяй і даверам. Для іх нашы верталёты былі сімвалам таго, што пра іх памятаюць і робяць усё магчымае, каб дапамагчы".

Вылеты ў "зону"
Вольга Міхайлаўна Жукава, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, былы начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння радыяцыйна - экалагічных назіранняў Белгідрамета, якая ўдзельнічала ў экспедыцыях у зону адчужэння, распавядала пра працу ў «рудым лесе» - участку, які прыняў на сябе адзін з самых магутных удараў радыяцыі: "Дазіметры зашкальвалі, але мы працягвалі выконваць свой абавязак. Кожны замер, кожная спроба былі крытычна важныя. Мы разумелі: ад дакладнасці нашых дадзеных залежаць жыцці людзей".

Удзельнікі экспедыцыі ў пойме ракі Прыпяць
(10-ці км зона ЧАЭС, Украіна) побач з "рудым лесам"
Уладзімір Леанідавіч Самсонаў, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, начальнік аддзела радыёспектраметрыі службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета, падзяліўся ўспамінам пра тое, як дзякуючы іх даследаванням удалося прадухіліць реэвакуацию людзей у небяспечныя раёны: "Мы змаглі даказаць, што ўзровень радыяцыі ў некаторых месцах усё яшчэ занадта высокі. Гэта дазволіла пазбегнуць новых трагедый і захаваць здароўе сотняў сем'яў".
Сёння праз 40 гадоў, служба працягвае весці бесперапынны маніторынг радыяцыйнай абстаноўкі на ўсёй тэрыторыі краіны.
Ключавыя напрамкі работы Белгідрамета ў кантэксце спадчыны Чарнобыля:
- правядзенне радыяцыйнага маніторынгу ў рэжыме анлайн з дапамогай аўтаматычных пунктаў вымярэння аўтаматызаванай сістэмы кантролю радыяцыйнай абстаноўкі. Кожныя 10 хвілін вынікі вымярэнняў магутнасці дозы гама-выпраменьвання паступаюць у Белгідрамет, дзе кругласутачна кантралююцца спецыялістамі аддзела аператыўных дадзеных радыяцыйнага кантролю;
- маніторынг ўтрымання радыенуклідаў у атмасферным паветры. Вызначэнне радыяцыйных характарыстык радыеактыўных выпадзенняў і аэразоляў прыземнага слоя атмасферы накіравана перш за ўсё на выяўленне кароткачасовых тэхнагенных радыенуклідаў, якія з'яўляюцца індыкатарамі аварыі на ядзерна - або радыяцыйна-небяспечных аб'ектах;
- даследаванні ўтрымання цэзію-137 і стронцыю ў глебе дазваляюць даць ацэнку шчыльнасці радыеактыўнага забруджвання тэрыторый і праводзіць маніторынг міграцыі радыенуклідаў, маніторынг паверхневых і падземных вод у мэтах ацэнкі сярэднегадавых канцэнтрацый радыенуклідаў у вадзе і донных адкладах;
- Белгідрамет дае доступ да актуальных звестак аб радыяцыйнай абстаноўцы праз афіцыйны сайт https://rad.org.by;
- выкарыстанне сучасных апаратна-праграмных комплексаў, якія дазваляюць мадэляваць распаўсюджванне радыеактыўнага забруджвання ў навакольным асяроддзі ў часе і ў прасторы з улікам метэаралагічных умоў.
Чарнобыльская аварыя стала ўрокам для ўсяго свету. Рэспубліка Беларусь як ніякая іншая краіна засвоіла яе галоўныя ўрокі:
- неабходнасць няўхільнага захавання нормаў ядзернай і радыяцыйнай бяспекі на аб'ектах атамнай энергетыкі;
- важнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў пытаннях радыяцыйнай бяспекі;
- важная роля радыяцыйнага маніторынгу навакольнага асяроддзя;
- інфармацыйная адкрытасць адносна вынікаў радыяцыйнага маніторынгу, а таксама неабходнасць асветы насельніцтва па пытаннях радыяцыйнай бяспекі.
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова
© Белгiдрaмет, 2016-2026