Сярэдняя па Гродзенскай вобласці тэмпература паветра за жнівень склала +18,1°С, што на 0,3°С вышэй за кліматычную норму і на 0,9°С цяплей чым летась.

Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра жніўня па Гродзенскай вобласці за перыяд 1991-2026 гг. ад кліматычнай нормы (+17,8°С)
Самай цёплай была першая дэкада з сярэдняй дэкаднай тэмпературай паветра на 1,5°С вышэй за кліматычную норму, другая і трэцяя дэкады аказаліся халадней за норму на 0,7 і 0,1°С адпаведна.
Дзённая тэмпература паветра ў большасці дзён месяца знаходзілася ў межах +22…+27°С. Цяплей за ўсё было 5-6 жніўня, паветра гэтымі днямі выгравалася да +30…+34°С. Максімальнага значэння (+34,4 ° С) тэмпература паветра дасягнула 5 жніўня на АМС Навасёлкі. У жніўні па вобласці адзначалася ад 2 да 5 дзён з максімальнай тэмпературай 30 ° С і вышэй.
Тэмпература паветра ноччу ў асноўным знаходзілася ў межах +12 … +17 ° С, у самыя цёплыя ночы (5-6 жніўня) тэмпература не паніжалася +18 … +21 ° С. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра 6,3 ° С адзначана на АМС Навасёлкі ноччу 13 жніўня.
Ападкаў у сярэднім за месяц па вобласці выпала 119 працэнтаў ад кліматычнай нормы. Па тэрыторыі вобласці распаўсюджваліся яны нераўнамерна, больш за ўсё зафіксавана ў Гродне, менш - у Навагрудку.
У першай і другой дэкадах адзначаўся празмернасць ападкаў, выпала 124 і 150 працэнтаў дэкаднай нормы адпаведна. У трэцяй дэкадзе месяца назіраўся недабор ападкаў - 82% дэкаднай нормы.
Дажджы насілі пераважна ліўневы характар, суправаджаліся навальніцамі, часам месцамі шквалам (МС Ашмяны) і градам дыяметрам да 18 мм (АМС Гродна). Моцныя дажджы адзначаліся: ноччу 2 жніўня на АМС Гродна з колькасцю ападкаў 24 мм; на большай частцы вобласці ноччу 7 жніўня - 15-34 мм, днём і ноччу 18 жніўня - 15-19 мм.
У начныя і ранішнія гадзіны ў асобныя суткі назіраліся туманы. 1-4 дні за месяц паўсюдна па вобласці фіксавалі моцны вецер парывамі 15 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру зарэгістраваная 7 жніўня на АМС Іўі (29 м/с) – небяспечная гідраметэаралагічная з'ява.
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Філіял «Гроднааблгідрамет» абавязковая