Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
01.10.2020

Кароткая кліматычная характарыстыка і прагноз надвор'я па тэрыторыі Беларусі на кастрычнік 2020 года

У кастрычніку тэмпература паветра хутка паніжаецца ад першай дэкады да трэцяй. У паўночна-ўсходняй палове рэспублікі ў першай дэкадзе ажыццяўляецца ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +8°С (пачатак ацяпляльнага сезона), у паўднёва-заходняй – у другой дэкадзе. У трэцяй дэкадзе кастрычніка на большай частцы тэрыторыі краіны адбываецца пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +5°С у бок паніжэння (заканчэнне вегетацыйнага перыяду).
У 74% гадоў самай цёплай бывае першая дэкада, прыкладна адзін раз у 5 гадоў - другая дэкада, і толькі раз у 30 гадоў - трэцяя дэкада.
Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў кастрычніку (кліматычная норма) складае ад +5,6°С на паўночным усходзе да +8,3°С на паўднёвым захадзе і ў параўнанні з вераснем паніжаецца на 5-6ºС.
У залежнасці ад характару развіцця атмасферных працэсаў у асобныя гады сярэдняя месячная тэмпература паветра можа прыкметна адхіляцца ад кліматычнай нормы. Так, найбольш халодным (ніжэй за норму на 3-4°С) быў кастрычнік 1946, 1951, 1976 і 1992 гадоў, найбольш цёплым (вышэй за норму на 2-3°С – кастрычнік 1967, 2008 і 2019 гадоў. Пачынаючы з трэцяй дэкады кастрычніка адбываецца ўстойлівы пераход сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +5°С у бок паніжэння (заканчэнне вегетацыйнага перыяду). Ноччу тэмпература паветра ў сярэднім знаходзіцца ў межах ад +2°С да +4°С, днём - ад +9°С да +12°С. У перыяды пахаладанняў ноччу паветра выхалоджваецца да 0, -5°С, днём тэмпература не перавышае +3 +7°С. абсалютны мінімум тэмпературы паветра быў зарэгістраваны ў ноч на 31 кастрычніка ў 1966 годзе на метэастанцыі Езярышча Віцебскай вобласці і склаў -19,8°С. Абсалютны максімум быў адзначаны днём 7 кастрычніка ў 1893 годзе ў Мазырскім раёне і дасягаў +27,7°С.
У кастрычніку адзначаецца 11-19 дзён з ападкамі. За месяц звычайна выпадае ад 36 да 66 мм ападкаў (кліматычная норма). Ад года да года месячная сума ападкаў значна вагаецца. У дажджлівыя месяцы сума ападкаў можа перавышаць норму ў 2-5 разы і дасягаць 100-250 мм – у засушлівыя гады - змяншацца да 1-10 мм. Максімальная колькасць ападкаў за кастрычнік адзначана ў 1974 годзе ў Брэсце – 248 мм (кліматычная норма 37 мм). У кастрычніку 2000 года ў Гродне ападкаў наогул не адзначалася.
У кастрычніку (часцей за ўсё ў другой або трэцяй дэкадзе) часам выпадае першы снег, які, як правіла, растае. Толькі ў выпадку вельмі ранняй зімы ў трэцяй дэкадзе месяца усталёўваецца снежнае покрыва, выключаючы крайнія паўднёвыя і заходнія раёны, дзе самыя раннія тэрміны яго ўстанаўлення прыпадаюць на пачатак лістапада.
У кастрычніку на працягу 10-14 дзён адзначаюцца туманы. Навальніцы ў кастрычніку з'ява рэдкая - у сярэднім па рэспубліцы бываюць адзін раз у 3-10 гадоў. У канцы месяца адзін раз у два гады адзначаюцца галалёдныя з'явы і шэрань.

Сярэдняя месячная тэмпература паветра ў кастрычніку 2020 года чакаецца на 1-2°С вышэй кліматычнай нормы (норма +6 +8°С).
Месячная колькасць ападкаў у кастрычніку 2020 года мяркуецца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў (норма 36-66 мм).

Заўвага: месячныя прагнозы надвор'я распрацоўваюцца з выкарыстаннем статыстычных метадаў, носяць імавернасны характар і ўдакладняюцца прагнозамі надвор'я на тыдзень, на 2-3 сутак і на суткі. 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў