Нацыянальны Герб Рэспублiкi Беларусь Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
05.07.2021

Кліматычная характарыстыка чэрвеня 2021 года

Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за першы летні месяц 2021 года склала +19,9°С, што вышэй за кліматычную норму на 3,5°С. Чэрвень 2021 года заняў 3 месца ў ранжыраваным шэрагу назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. Станоўчая анамалія тэмпературы распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці (у сярэднім па вобласці +3,9°С), найменшых – на тэрыторыі Гомельскай вобласці (у сярэднім па вобласці +3,2°С).
 
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра чэрвеня
ад кліматычнай нормы па тэрыторыі Беларусі

Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад чэрвеня перавышала кліматычную норму. Тэмпература паветра ў першай дэкадзе была вышэй нормы на 1,3ºС. Самымі цёплымі выдаліся другая і трэцяя дэкады, сярэдняя тэмпература паветра якіх перавысіла кліматычную норму на 3,1 і 6,2°С адпаведна.
 
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма 
па дэкадах чэрвеня 2021 года па тэрыторыі Беларусі

Дзённыя тэмпературы ў першай палове месяца знаходзіліся ў асноўным у межах +20 +25ºС, у другой палове месяца павышаліся да +30ºС і вышэй, а 22-25 чэрвеня месцамі перавышалі 35-ці градусную адзнаку, што адпавядае крытэрыю небяспечнай з'явы.
 У трэцяй дэкадзе чэрвеня адзначалася інтэнсіўная хваля цяпла, у выніку якой на большай частцы тэрыторыі Беларусі, за выключэннем асобных пунктаў назіранняў пераважна на захадзе, былі абноўлены абсалютныя максімумы тэмпературы паветра для чэрвеня. Папярэднія значэнні абсалютных максімумаў тэмпературы паветра былі адзначаны ў асноўным на працягу апошніх дваццаці гадоў, але на асобных пунктах назірання перавышаныя тэмпературныя рэкорды чэрвеня, якія трымаліся больш за сто гадоў.  Так на станцыях Барысаў і Васілевічы абноўленыя чэрвеньскія рэкорды максімальнай тэмпературы паветра, адзначаныя ў 1901 годзе, а на станцыі Пінск перавышаны рэкорд, адзначаны ў чэрвені 1885 года.
Максімальнае значэнне тэмпературы паветра (+37,1ºС) зарэгістравана на метэастанцыі Кастрычнік 23 чэрвеня. 
Тэмпература паветра ноччу на працягу месяца знаходзілася ў межах +10 +20°С, за выключэннем пачатку першай дэкады, калі тэмпература апускалася месцамі да +5°С і ніжэй. Мінімальнае значэнне тэмпературы паветра (+1,0°С) адзначана на станцыі Мінск 1 чэрвеня
Колькасць ападкаў за чэрвень 2021 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Беларусі

За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 54,6 мм ападкаў, што склала 67% кліматычнай нормы, але па асобных пунктах назіранняў сума ападкаў за месяц перавысіла норму. Найбольшая за месяц колькасць ападкаў выпала на тэрыторыі Мінскай вобласці - у сярэднім па вобласці 82,5 мм (96% кліматычнай нормы). Найменшая колькасць ападкаў выпала на тэрыторыі Магілёўскай вобласці – у сярэднім па вобласці 33,4 мм (42% кліматычнай нормы).
Рэжым увільгатнення на працягу месяца быў неаднародным. Першая і другая дэкады былі засушлівымі: выпала 40 і 48% дэкаднай нормы адпаведна. У трэцяй дэкадзе выпала 110% дэкаднай нормы. 
Колькасць ападкаў і кліматычная норма 
па дэкадах чэрвеня 2021 года па тэрыторыі Беларусі

Дажджы ў асноўным насілі ліўневы характар, суправаджаліся навальніцамі і выпадзеннем граду. У асобных раёнах дажджы дасягнулі крытэрыяў небяспечнай з'явы, а найбольшае значэнне адзначана ў Шаркаўшчыне (55,0 мм) 27 чэрвеня. 
У чэрвені ў асобныя суткі ўзмацняўся вецер парывамі да 15 м/с і вышэй, а таксама было адзначана некалькі выпадкаў, калі парывы ветру дасягалі 25 м/с і больш. На ГП Сураж і Ула 25 чэрвеня хуткасць ветру па шкале Бофорта перавышала 33 м/с.
 

Спецыялізаваныя сайты и сайты Філіялаў