Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
02.03.2021

Кліматычная характарыстыка лютага 2021 года

Сярэдняя тэмпература лютага 2021 года склала -6,5°С, што ніжэй за кліматычную норму на 2,2°С. За перыяд 1945-2021 годы люты з такой і больш нізкай тэмпературай паветра ў сярэднім бывае раз у тры гады, а ў апошні раз адзначаўся ў 2012 годзе. 
Адхіленне сярэдняй месячнай тэмпературы паветра лютага 
ад кліматычнай нормы па Рэспубліцы Беларусь

Адмоўная анамалія тэмпературы паветра пашырылася паўсюдна. Найбольшыя адмоўныя адхіленні тэмпературы паветра ад кліматычнай нормы адзначаны ў Магілёўскай вобласці (-2,7°С), найменшыя - у Брэсцкай (-1,7°С).
Першая і другая дэкады месяца былі вельмі халоднымі са сярэднедэкаднымі тэмпературамі на 4,4°С і 6,0°С ніжэй нормы адпаведна. Трэцяя дэкада была вельмі цёплай з сярэдняй тэмпературай на 5,5°С вышэй за норму. 
Абсалютны максімум тэмпературы паветра быў зарэгістраваны ў Брэсце 25 лютага і склаў +15,0°С. Абсалютны мінімум тэмпературы паветра быў зарэгістраваны ў Брагіне 19 лютага і склаў -29,4°С.
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма 
па дэкадах лютага 2021 года ў Рэспубліцы Беларусь

У лютым колькасць ападкаў у сярэднім па Беларусі склала 38,7 мм або 111% кліматычнай нормы. Лішак ападкаў адзначаўся на большай частцы тэрыторыі краіны. Найбольшая колькасць ападкаў выпала ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях – у сярэднім 57,9 мм (175% кліматычнай нормы) і 55,9 мм (164% кліматычнай нормы) адпаведна, найменшая ў Віцебскай вобласці – у сярэднім па вобласці 21,6 мм (54% кліматычнай нормы). 
Колькасць ападкаў за люты 2021 года і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь 

На працягу месяца ападкі выпадалі нераўнамерна. У першай дэкадзе адзначалася залішняе ўвільгатненне (выпала 21,9 мм або 178% нормы за дэкаду), у другой дэкадзе рэжым увільгатнення быў блізкі да звычайнага (12,4 мм або 105% нормы), у трэцяй адзначаўся недабор ападкаў (4,5 мм або 41%). 
Колькасць ападкаў і кліматычная норма па дэкадах лютага 2021 года 
па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь

Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, мокрага снегу і снегу. На працягу месяца паўсюдна залягала снежнае покрыва, месцамі дасягала вышыні 30-58 см. Нягледзячы на інтэнсіўныя снегапады, гістарычны максімум вышыні снежнага покрыва быў перавышаны толькі на станцыі Горкі (тут максімальная вышыня снежнага покрыва за люты 2021 года склала 58 см, да гэтага абсалютны максімум складаў 53 см (зіма 2003/04 гадоў). У апошнія дні месяца па асобных станцыях Віцебскай і Брэсцкай абласцей снежнае покрыва цалкам сышло. У асобныя суткі месяца месцамі адзначаліся туманы, завеі, галалёд, на дарогах галалёдзіца.
Сярэдняя хуткасць ветру за люты 2021 года

На працягу месяца сярэдняя хуткасць ветру ў асноўным знаходзілася ў межах ад 1,5 да 3,0 м/с. У асобных раёнах яна дасягала значэння 3,5-4,0 м/с і вышэй. Самыя нізкія хуткасці ветру ў сярэднім за месяц былі адзначаны ў раёне станцый Нарач і Вілейка (1,1 і 0,8 м/с адпаведна), а найбольшыя значэнні – у раёне станцыі Горкі (4,5 м/с). У асобныя суткі лютага вецер узмацняўся парывамі да 15 м/с і больш, а максімальная хуткасць ветру (19 м/с) зарэгістраваная на станцыі Горкі 13 лютага.

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў