Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
Галоўная / Інфармацыя / Iнфармацыя кліматолага
05.03.2021

Кліматычная характарыстыка зімы 2020 - 2021

Сярэдняя тэмпература паветра за зімовы сезон 2020-21 гадоў склала -3,8°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,2°С. За перыяд 1881-2021 года такія і больш нізкія тэмпературы паветра зімой у сярэднім бываюць раз у тры гады, а ў апошні раз адзначаліся зімой 2012-13 гадоў. 
Станоўчая анамалія тэмпературы паветра адзначалася паўсюдна і ў сярэднім па абласцях краіны знаходзілася ў межах ад 0,1 да 0,4°С. 
Адхіленне сярэдняй тэмпературы паветра за зіму
ад кліматычнай нормы (-4,0 °С) па Рэспубліцы Беларусь

Тэмпературны рэжым на працягу зімовага сезону быў неаднародным.
Снежань 2020 года быў цёплым з сярэдняй месячнай тэмпературай паветра па рэспубліцы -0,8ºС, што вышэй за кліматычную норму месяца на 2,5°С. Пачынаючы з 1945 года снежань з такой і больш высокай сярэдняй за месяц тэмпературай паветра адзначаецца ў сярэднім адзін раз у 5 гадоў, а за апошнія 20 гадоў – адзін раз у 2-3 гады. 
У студзені 2021 года сярэдняя месячная тэмпература паветра па Беларусі склала -4,1°С, што вышэй за кліматычную норму на 0,3°С. Пачынаючы з 1945 года студзень з такой і больш высокай сярэдняй за месяц тэмпературай паветра адзначаецца ў сярэднім адзін раз у 3 гады.
Люты 2021 года быў халодным, сярэдняя месячная тэмпература паветра па Беларусі склала -6,5°С, што ніжэй за кліматычную норму на 2,2°С. За перыяд 1945-2021 гадоў люты з такой і больш нізкай тэмпературай паветра ў сярэднім бывае раз у тры гады, а ў апошні раз адзначаўся ў 2012 годзе. 
Сярэдняя тэмпература паветра і кліматычная норма 
па месяцах зімы 2020-21 гадоў па Рэспубліцы Беларусь

Максімальнага значэння за гэтую зіму тэмпература паветра дасягнула 25 лютага на станцыі Брэст (+15,0°С), мінімальнага – 19 лютага на станцыі Брагін (-29,4°С).
Устойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз 0°С у бок паніжэння (пачатак кліматычнай зімы) па большай частцы тэрыторыі краіны ажыццявіўся 28-30 лістапада - першай дэкадзе снежня, на 2-3 тыдні пазней звычайных тэрмінаў, а па крайнім паўднёвым захадзе - 10 студзеня, больш чым на месяц пазней звычайнага.
За зіму 2020-21 гадоў у сярэднім па краіне выпала 147 мм ападкаў, што складае 122% кліматычнай нормы. Максімальная за зіму колькасць ападкаў выпала ў Гомельскай вобласці (163 мм або 145% кліматычнай нормы), менш за ўсё ападкаў адзначалася ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях – 131 мм (116% нормы за сезон) і 132 мм (98% нормы за сезон) адпаведна.
Колькасць ападкаў за зіму 2020-21 гадоў і кліматычная норма
па абласцях і па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь 

Студзень і люты характарызаваліся лішкам ападкаў, у снежні назіраўся іх недабор. У снежні выпала 35 мм ападкаў ці 78% кліматычнай нормы за месяц, у студзені 73 мм або 183% кліматычнай нормы, у лютым 39 мм або 111% кліматычнай нормы.
 
Колькасць ападкаў і кліматычная норма 
па месяцах зімы 2020-21 гадоў па Рэспубліцы Беларусь

Ападкі зімой 2020-21 гадоў выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. У першай-другой дэкадах студзеня па ўсёй тэрыторыі краіны ўтварыўся ўстойлівы снежны полаг, месцамі дасягнуў вышыні 30-58 см. Нягледзячы на інтэнсіўныя снегапады, якія адзначаліся гэтай зімой, гістарычны максімум вышыні снежнага покрыва быў перавышаны толькі на станцыі Горкі (максімальная вышыня снежнага покрыва за зіму 2020-21 гадоў склала 58 см, да гэтага абсалютны максімум складаў 53 см (зіма 2003-04 гадоў). У канцы трэцяй дэкады лютага на тэрыторыі краіны пачалося актыўнае разбурэнне снежнага покрыва. На апошні дзень зімы яго вышыня знаходзілася ў межах ад 0,1 см да 33 мм (на станцыі Горкі), а па асобных станцыях Віцебскай і Брэсцкай абласцей снежнае покрыва ўжо цалкам сышло. 
Гэтай зімой у асобныя суткі месцамі назіраліся туманы, завеі, галалёдна-шэраневыя з'явы, на дарогах галалёдзіца. За сезон адзначана 2 небяспечныя з'явы: 29 снежня на станцыі Орша адзначаўся моцны галалёд з дыяметрам адклады пласта лёду 20 мм, 4 лютага ў Стоўбцах выпаў вельмі моцны снег (за прамежак часу менш чым 12 гадзін выпала 22 мм ападкаў).
Сярэдняя хуткасць ветру за зімовы сезон 2020-21 гадоў знаходзілася ў асноўным у межах ад 1,0 да 4,0 м/с. Па крайнім захадзе і паўночным усходзе яна дасягала значэння 4,2-4,4 м/с. Самая нізкая хуткасць ветру ў сярэднім за сезон была адзначана ў раёне станцыі Вілейка (0,9 м/с). У асобныя суткі зімы адзначалася ўзмацненне ветру парывамі да 15 м/с і вышэй. Максімальная хуткасць ветру за сезон (20 м/с) зарэгістраваная на станцыі Навагрудак 29 снежня.

 

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў