Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова "Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя" БЕЛГIДРAМЕТ
06.07.2022

Інфармацыя аб гідраметэаралагічнай абстаноўцы ў басейнах рэк Рэспублікі Беларусь, якая склалася ў чэрвені 2022 года

 
 Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за чэрвень склала 19,0°С, што вышэй за кліматычную норму на 2,0°С. Чэрвень бягучага года ўвайшоў у 10 самых цёплых першых летніх месяцаў, заняўшы 7 месца. Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад была вышэй за норму. Вельмі гарачай выдалася трэцяя дэкада са станоўчай анамаліяй 3,7°С. Тэмпература паветра днём на працягу месяца ў асноўным складала +20 +29°С, а ў самыя цёплыя суткі паднімалася да 30°С і больш. Тэмпература паветра ноччу на працягу месяца знаходзілася ў асноўным у межах +10+19°С. З 24 па 30 чэрвеня была адзначана інтэнсіўная хваля цяпла: на працягу 7 дзён сярэднесутачная тэмпература паветра па большай частцы тэрыторыі краіны перавышала норму на 5°С і больш. У чэрвені таксама было адзначана ад 1 да 9 дзён з максімальнай тэмпературай паветра +30 º С і больш пры норме для дадзенага месяца 1-3 дні. У асобныя суткі трэцяй дэкады пераважна па поўдні краіны былі зарэгістраваны трапічныя ночы (мінімальная тэмпература паветра за ноч складала +20°С і больш).
За месяц у сярэднім па рэспубліцы выпала 65,5 мм ападкаў, што склала 91 % кліматычнай нормы. Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Віцебскай вобласці 117 працэнтаў нормы, менш за ўсё - на тэрыторыі Брэсцкай вобласці 55 працэнтаў нормы. Недабор ападкаў адзначаўся ў першай і другой дэкадах (выпала 65 і 75 % нормы адпаведна). Трэцяя дэкада была вільготнай (адзначана 126% нормы).
У чэрвені на рэках пераважаў спад узроўняў вады і роўны іх ход. Выпадзенне ападкаў запаволіла спад узроўняў вады і абумовіла невялікі кароткачасовы іх рост. У выніку чаго на Віліі ля аг. Сцешыцы і прытоку Сожа рацэ Беседзь каля в. Свяцілавічы вада выйшла на пойму, а на Заходняй Дзвіне ў г. Віцебск, Дняпры ў г. Магілёў, Бярэзіне ў г. Бабруйск, Сожы ў г. Слаўгарад і г. Крычаў палепшыліся ўмовы для суднаходства. Значэнне мінімальнага ўзроўню вады ў рацэ Гарынь каля в. Малыя Вікаравічы (прыток Прыпяці) аказалася ніжэйшым за мінімум для гэтай пары года.
Воднасць Нёмана, Віліі, Дняпра і Бярэзіны была ў норме і крыху большая за яе, Сожа на 40-90 % большая за звычайную для гэтага часу года, а воднасць Заходняй Дзвіны і Прыпяці аказалася меншай за норму на 20-40%.
Сярэднямесячная тэмпература вады ў рэках склала 18-22 °С, што блізка да звычайнай для гэтага часу года.
Пры выкарыстанні інфармацыі спасылка на Белгідрамет абавязкова

Спецыялізаваныя сайты і сайты Філіялаў